экспэртыза

Статья участника леворадикальных демонстраций на 1 Мая 2000 года в Лондоне, вылившихся в массовые столкновения с полицией. Своеобразный анализ целей, действий и последствий в контексте политики “зелёных” акций прямого действия. Любопытна также позиция автора в том, что “зелёные” должны учитывать все политические нюансы, если желают получить результат. Впрочем, он англичанин...

MAYDAY:
вэрсія зь першых рук
 

1 Траўня 2000. 4 днi антыкапiталiстычных iдэяў i акцыяў у Лёндане мелi на мэце аб’яднаць два аспэкты сьвяткаваньня 1 Траўня: мiжнародны Дзень працоўных, што паводле традыцыi, распачатай яшчэ з барацьбы за 8-гадзiнны працоўны дзень у 1889 годзе, выкарыстоўваўся для таго, каб кiнуць выклiк усталяванаму ладу або наагул зьнiшчыць яго; i старажытны першатравеньскi фэст — час трыюмфу жыцьцёвых сiлаў ды зямных задавальненьняў, калi брытанцы працавалi толькi чатыры гадзiны на тыднi.

Акцыя Партызанскага Садаўнiцтва пад кiраўнiцтвам RTS мусiла стацца момантам найвышэйшага ўздыму, ня проста пратэстам, а аўтаномнай дзейнасьцю з мэтаю паказаць, як можа выглядаць месца, дзе людзi ды прырода ставяцца вышэй за выгоду. Гэтая акцыя таксама можа разглядацца як дэманстрацыя пагрозы капiталiзму, калi мы адвяргаем нашую ролю пасыўных спажыўцоў, што “жывуць” замест таго, каб “працаваць, каб жыць”.

Тое, што здарылася на Першатраўнi i зараз яшчэ горача абмяркоўваецца, пераважна ў кантэксьце гвалту, і, як мне падалося, часьцяком успрымаецца амаль што як няўдача, як быццам бы “рабаўнiкi” перамаглi. Я мяркую, што калi мы зьбiраемся перамагчы капiталiзм, мы мусiм ведаць, чым у істоце зьяўляецца капiталiстычная культура i якiя нутраныя мэханiзмы захоўваюць яе й вытрымлiваюць крытыку супраць яе.

Я хацеў бы зрабiць дэманстрантаў цэнтральнай тэмаю артыкулу.

Задоўга да таго, як усё пачалося, акцыю i ейных удзельнiкаў ужо характарызавалi з нэгатыўных ды антаганiстычных пазыцыяў. Яшчэ 28 красавiка палiцыя дазволiла адчуць сваю прысутнасьць. Два грузавiкi спынілi ды абшукалi, фатаграфавалi мiнакоў на Галавэй Роўд. Тэлевізійныя навiны асьвятлялi паўстаньнi — напрыклад “The Big Breakfast” — навiны 27 красавiка паказвалi ўрывак зь фiльму пра J18, у якiм група людзей з крыкамi спрабавала дагнаць грузавiк палiцыi, які набiрае хуткасьць, што выглядала як трошкi падкарэктаванае кiно пра каманду захопу. 30 красавiка “The Times” надрукавала надзiва панiкерскi выкрывальны артыкул, у якiм, памiж iншага, арганiзатары характарызавалiся як нейкiя “ценевiкi-прафэсiяналы” ў гарнiтурах. У аглядзе ў “The Guardian” 2 траўня выказвалася думка, што “верагодна 30,000 палiцыянтаў было задзейнiчана, каб супрацьстаяць 1/6 ад iхнае колькасьцi”.

Як жа гэта магло паменшыць верагоднасьць узьнiкненьня праблемаў, калi, здаецца, апошняе, што яны намагалiся зрабiць, — было ўсё супакоiць?! Калi я прыехаў у Лёндан 27 красавiка, увесь Iст Энд нагадваў нейкую палiцэйскую дзяржаву пад час ваеннага становiшча.

Чаму прысутнасьць палiцыi была нагэтулькі адчувальнаю? Вядома ж, яны мусілі былi ўзяць рэванш пасьля таго, як страцiлi кантроль над J18 (“June 18”: у 1999 годзе масавыя леварадыкальныя дэманстрацыі ў Лёндане на тэму супраціву глябалізацыі. — Рэд.).

Палiцыянты пачалi рыхтавацца ў лiстападзе, чатыры месяцы раней за дэманстрантаў, хаця паводле прагнозаў прэсы, на акцыю мусiла прыйсьцi ўсяго 500 чалавек. Яны зарганiзавалi найбуйнейшую апэрацыю ў ахове закону за апошнiя 30 гадоў (што ж здарылася 30 гадоў таму, што спатрэбiлася яшчэ больш палiцыi?) зь якiмi ж, як не палiтычнымi мэтамi?! А зараз колькi грошай пойдзе на вядзеньне сьледзтва, допыты, судовыя справы, i як гэта можна параўнаць з тымi 500.000–2.000.000 ўрону, зробленага пратэстуючымi? Колькi давядзецца плацiць грамадзянам за гэтыя палiтычныя трукi цi проста ашуканства?

Факт, што да iнцыдэнту ў McDonald’s на прыканцы чатырохдзённай акцыi, кантроль палiцыi ня быў неабходным. Не зважаючы на тое, што на Галавэй Роўд быў выстаўлены аддзел спэцпрызначэньня, Скотлэнд Ярд заявiў, што анiякiя арышты не былi патрэбнымi. Дарэчы, прадстаўнiк дадаў, што не было асаблiвае неабходнасьцi ў дзеяньнях палiцыянтаў, таму “афiцэрам давялося нудзіцца”.

Усё, што яны гэтым дасягнулi, гэта, па-першае, павелiчэньне агульнае напружанасьцi, па-другое, узмацненьне нагляду (з удзелам палiцэйскiх апэратараў без нумароў, што здымалi падзеi лiтаральна зь дзьвяроў нашага штабу) i, па-трэцяе, стварэньне цi ўзмацненьне патэнцыялу рэакцыi на правядзеньне мяжы памiж пратэстам i законнымi дзеяньнямi.

Мне добра зразумела, што дзеяньнi палiцыi грунтавалiся на палiтычнай зацiкаўленасьцi кiраўнiцтва. За доказамi далёка хадзiць ня трэба, варта толькi прыгадаць нядаўнюю пастанову Вышэйшага Суду пад час кастрычнiцкага вiзыту кiтайскага прэзыдэнта, якога Блэйр анiяк не хацеў пакрыўдзiць — у вынiку быў атрыманы загад “зьверху” забаранiць свабоднае палiтычнае выказваньне.

Улады не маглi ня мець “мяцяжу”. Тры днi да Першатраўня прадстаўнiк зь левага крыла Кен Лiвiнгстон, да вялiкага незадаволеньня Блэйра, быў абраны мэрам Лёндану. Блэйр даўно ўжо даў зразумець, што становiшча Лiвiнгстона зь ягонымi антыкапiталiстычнымi сымпатыямi да простага дзеяньня будзе залежыць ад таго, як пройдзе Першатравень.

Да таго ж, Першатравень “абумовiў” неабходнасьць прыняцьця рэзалюцыi ў пытаньні тэрарызму. Гэтая рэзалюцыя, якую так старанна “прапiхваюць” у Парлямэнт, не пытаючыся парады ў грамадзкасьцi, грунтуецца на хiсткiх падазрэньнях i надае больш магчымасьцяў уладам, у той жа час адбiраючы iх у людзей. Абапiраючыся на гэтую рэзалюцыю, улады патрабуюць больш кантролю i iнфармацыi пра грамадзянаў, незалежна ад таго, учынiлi яны злачынства цi не, у той час як самi ўлады робяцца яшчэ больш бязьлiкiмi й безадказнымi.

Джэк Стро толькi падлiў алею да агульнае панiкi сваiмi заявамi пра тое, што “Падзеi мусяць быць пад кантролем, i яны будуць пад кантролем”. Да каго ж, як не да яго будзе прыслухоўвацца грамадзкасьць? Цiкава, што ў лiпенi 1999 (пасьля падзеяў з J18) BBC паведамiла, што апытаньне службоўцаў (кiраўнiкоў, мэнэджэраў і дырэктароў) у буйным iнстытуце (Службе Эўрапейскага Закону Эвэршылдз) паказала, як 80 адсоткаў апытаных выказалi спадзеў, што ў выпадку чарговага мяцяжу палiцыя будзе рэагаваць “больш рашуча”.

Але ж зьвернемся да самога Першатраўня. Хаця пра яго й няшмат распавядалася ў прэсе, але якой жа цiкавай падзеяй стаўся карнавал! Ён быў яскравым i дынамiчным. Разам з нашым асабiстым “Войскам Недарэчнасьцяў” у адказ на прысутнасьць палiцыi, удзельнiкi размалёўвалi вулiцы зялёнымi барвамi ў атмасфэры гукаў самба-гурту, строяў, жартаў. Расьлiны й насеньне, што пусьцiлi парасткi ў скрыньках для бургераў з McDonald’s, былi разданыя на шляху да садаўніцтва. Карнавал прайшоў на месцы правядзеньня акцыi Партызанскага Садаўнiцтва, i вулiца была выпраўлена выглядам Мэрсэдэсу, упрыгожанага людзьмi, якія таньчылі й сьпявалі. Не было зроблена анiякае шкоды, i палiцыя заставалася ў машынах на пэўнай адлегласьцi. На жаль, з-за перанесенага месца сустрэчы, сад атрымаўся больш сымбалiчным, чым сапраўдным.

Усё ж, шмат што было дасягнута менавiта ў той дзень, пра якi так i не распавяла прэса. Першым бачным знакам акцыi сталi дзьве кабеты, што ўздымалi на ліхтарных слупох транспаранты зь лёзунгамi “Няхай Лёндан квiтнее”, “Надышоў час чарвякоў” ды “Садовая анархiя”. Сад складаўся з больш як сотні мiнi-дзялянак, “Травеньскага Дрэва”, Цэнтру незалежнае прэсы, Кутку для аратараў і дыскусiяў, малюнкаў, кампостнае прыбiральнi ды дошкi аб’яваў з сэкцыямi “Кірмаш фэрмэраў” і “Трывалы транспарт”. Асфальтавае пакрыцьцё было зьнятае, а расьлiны пасаджаныя на ягонае месца. Iрыгацыйныя каналы ды сьпiральныя саджалкi выкопвалi пад час спантаных гульняў i скокаў.

Дзірван пачаў заваёўваць месца на вулiцы. Статуi былi ўключаны ў дзейства з папяровымi скульптурамi й маскамi. Расьлiны цьвiлi з палiцэйскiх шлёмаў i красовак Nike. Адбывалася негерархiчнае народнае садаўнiцтва, калi зямля зьвярнулася да сваiх былых шматлiкiх уладароў. Празь якую пару гадзiнаў садаўнiцтва мы выканалi асноўную працу i атрымалi ад гэтага асалоду, i каля 500 чалавек на чале з самба-гуртом пачалi рухацца ўздоўж Ўайтхолу, праз Даўнiнг Стрыт у напрамку да Трафальгарскага пляцу, каб аб’яднацца з сабранымi там прафэсійнымі зьвязамі ды iншымi маніфэстантамі.

Гэта быў зьмяшаны натоўп, у якiм частка людзей удзельнiчала ў садаўнiцтве, а астатнiя далучылiся пасьля. McDonald’s, вiдавочная перашкода на шляху да Трафальгарскага пляцу, на вялiкае зьдзiўленьне ўсiх не ахоўваўся — акрамя нагляднае палiцыi зь вiдэакамэрамi на даху аднаго з будынкаў якраз насупраць, палiцыянтаў не было вiдаць.

Рэстарацыя была заатакаваная. Спачатку людзьмi бяз масак (мы мусілі б выкарыстоўваць маскi, бо я чуў, што колькi хлопцаў былі арыштаваныя, бо ня мелі iх), адзiн зь якiх бiўся ў шыбу, пакуль яна не паддалася. Услоны дасталi з нутры i ўшчэнт паразьбiвалi iмi вокны. Залатыя аркi разбурылi, а ежу выкiнулi на вулiцу.

Калi рэстарацыя была зачыненая, дык навошта было пакiдаць пэрсанал i ежу ў нутры? Гэта падаецца ня толькi безсэнсоўным, але й дзiўным, да таго ж, навошта дарма падводзiць супрацоўнікаў пад рызыку? Гэтая шкода, як любая шкода, выглядала драматычна, уся засьнятая палiцыянтамi зь вiдэакамэрамi, верагодна, менавiта тымi трынаццацьцю, пра каго падманлiва прыгадвалi СМІ, быццам яны стаялi звонку рэстарацыi. Ужо пасьля таго, як шкода была зробленая, яны паспрабавалi зайсьцi ўнутр, але, вядома ж, вымушаныя былi ўцякаць. Вось гэтую частку й паказвалi ў навiнах.

Тое, што потым адбывалася ўздоўж Стрында, не было неўтаймаваным бясчынствам, а зьяўлялася стрыманым псаваньнем маёмасьцi, што адбывалася разам з гумарыстычнымi трукамi й не магло зайсьцi занадта далёка. Аднак гэта было й катастрофаю, бо дало палiцыi падставу абтачыць нас i трымаць у коле, а прэсе — рэальны шанец разбурыць падзею.

Ня гледзячы на тое, што якраз напярэдаднi падзеяў на вокладцы “A30” быў надрукаваны здымак супраць рэзалюцыi ў справе тэрарызму ў стылi Сьв. Пэпэра (дарэчы, падаецца сумна гiранiчным, што прэса так разборлiва надрукавала здымак з надпiсам “Мы ўсе жывямо ў няўдалай дэмакратыi”) i на тое, што ў той дзень было зроблена шмат iншых здымкаў, бульварныя газэты цэлымi палосамi друкавалi вобразы “бясчынстваў”.

“Вiдавочна, што яны ня любяць гэтую краiну, дык няхай яны выбiраюцца адсюль”, — пустасловiў “Express”. “Пералiчыце iх, каб усе ведалi, i няхай iм будзе сорамна”, — гiстэрычна крычаў Блэйр, у сваёй традыцыйнай манэры выстаўляючы транснацыянальныя карпарацыi як ахвяры, а не вiноўнiкi гвалту. На разгортках таксама пераважалi здымкі псаваньня.

Артыкул у “The Observer” распавядаў пра чалавека, якi быў арыштаваны пасьля таго, як ён заскочыў у машыну ды рушыў праз усю краiну на мяцеж, пра якi стала вядома яшчэ да таго, як ён пачаўся. Улады й прэса яшчэ шмат разважалi наконт “графiцi” на статуi Чэрчыля — гэта здарылася з-за памылкi RTS, якiя ня сталі прыкрываць дошкамi статуi на пляцу Парлямэнту й падмурак Сэнату (з-за палiцыi, якая забаранiла рабiць пакрыцьцё, аргумэнтуючы тым, што яно б сталася надзейным сховішчам для бомбаў — мы ж тут усе тэрарысты! — i да таго ж, недастатковай колькасьцю палiцыянтаў, выстаўленых для аховы скульптураў, што яны абяцалi зрабiць раней).

I пакуль улады працягваюць зьневажаць i разбураць дзяржаву агульнага дабрабыту, каторая мусiць падтрымлiваць людзей, якiя прайшлi праз войны, ня варта сьцьвярджаць, што колькi антываенных малюнкаў і “графiцi” стануцца ў адносiнах да iх найвялiкшай несправядлiвасьцю.

Ясна, што правесьцi акцыю на раней заплянаваным месцы — забудове з млынам ля ракi — было немагчыма, бо яшчэ два месяцы загадзя палiцыя заблякавала праезд да яго па мосьце. Пляц Парлямэнту быў цалкам ачэплены і, насуперак заявам палiцыi ў прэсе, людзям не дазвалялася пакiнуць яго, калi з садаўнiцтвам пачалiся праблемы. Замест таго, каб праз рэпрадуктар прапанаваць натоўпу разыйсьцiся i такiм чынам адлучыць тых вядомых бунтароў, палiцыя распачала захады, агульныя да ўсiх.

Таксама незразумела, чаму насуперак традыцыйнай палiтыцы, зьнянацку аб’явiлася колькi прадстаўнiкоў RTS, што сваімi паводзiнамi ня толькi пацьвярджаюць, але й нават узмацняюць створанае ў цэнтральнай прэсе ўяўленьне арганiзацыi як значнай суполкі галаварэзаў. Той факт, што колькасьць тых, што бiлi шыбы ў вокнах, непамерна меней за тых, што не прысутнiчалi пры гэтым, не дае падставаў думаць, што яны зрабiлi такi велiзарны ўплыў. Што датычыцца палiцыi — калi б яны былi вымушаныя супрацьстаяць такой пераважнай бальшыні галаварэзаў-вар’ятаў, як лямантуюць палiтыкi, дык чаму ж было зроблена так мала арыштаў?

Абвiнавачваньнi складалiся зь перагароджаньня шашы (сядзеньне на свабоднай ад транспарту дарозе), хiсткага абвiнавачваньня ў небясьпечных паводзiнах (прыгадайце, якi з бакоў меў зброю) i нашэньня канопляў (нiчога агульнага зь мяцяжамi).

I навошта палiцыянты павялiчылi верагоднасьць дзеяньняў, патэнцыйна вядучых да арыштаў тым, што на 30 гадзiнаў залiлi поплаў на пляцы Парлямэнту вадою?! Насамрэч, гэта зрабiла немагчымым для людзей сесьцi ды паразмаўляць (займацца, так бы мовiць, мiрнымi дзеяньнямi), а вось капаць (што б улады ахрысьцiлi крымiнальнай шкодаю) стала лягчэй, адно што людзям давялося забрацца на статуi. I навошта было рабiць ДНК-тэст на недаедзеных бургэрах, каб знайсьцi тых, хто атакаваў McDonald’s — калi нападнікі былi бяз масак? Ежу кiнулi ў зьмяшаны натоўп (якраз калi праходзiла акцыя садаўнiцтва), да якога таксама далучылiся цiкаўныя мiнакi. Палiцыя проста атрымала на вельмi слабой падставе вялiзную колькасьць iдэнтыфiкацыйнай інфармацыі грамадзянаў.

Усё гэта, разам з манiякальна разьдзьмутаю блэераўскай гістэрыяй, вельмi нагадвае выступ судзьдзi й суду прысяжных яшчэ да таго, як было зачытана абвiнавачваньне. Навогул, першатравеньскiя падзеi ў Лёндане аднолькава засяроджвалi ўвагу на сёньняшнiм стане Брытанii ўвогуле й партыi Новых Лейбарыстаў у прыватнасьцi ды на глябальнай азлобленасьцi рухам капiталiзму, якая ўсё павялiчваецца. Мяркую, ня варта забывацца на тое, што фрустрацыя ды прага да зьменаў, што расьце зь няўдачамi палiтыкi й палiтыкаў, ёсьць значна больш важнымi за брытанскую прэсу й палiцыю, Першатравень і RTS.

З кожнай такой шырокамаштабнай акцыяй можна навучыцца шмат чаму карыснаму. Напрыклад, каб папярэдзiць разьюшанасьць прэсы вакол пытаньня, хто ж фiнансаваў акцыю, у праграме канфэрэнцыi загадзя была надрукавана фiнансавая справаздача. Зразумела, былi й няўдачы, але ж ня варта iх перабольшваць, як гэта намагаецца зрабiць цэнтральная прэса — усё ж адной з функцыяў дзяржаўнага апарату ёсьць iдэалягiчны кантроль. Кошт якой-колечы страты на фронце наднацыянальных крамаў непамерна мiзэрны ў параўнаньнi зь iх безсаромнымi прыбыткамi з рабаўнiцтва, i людзi не павiнныя ўспрымаць акцыi як замах на свой дабрабыт. Псаваньне маёмасьцi ды сабатаж могуць быць простымi дзеяньнямi, але далёка не безсэнсоўнымi.

Тым ня менш, на маю думку, акцыя Партызанскага Садаўнiцтва была бы больш эфэктыўнаю, калi б не ператварылася ў бойку зь палiцыянтамi, якiя проста выконвалi чыiсьцi загады. Дзяржаўны апарат заўсёды здольны выклiкаць большую нястрыманасьць ды гвалт. Ёсьць процьма спосабаў гэта стварыць, дзе могуць спатрэбiццца людзi з рознымi здольнасьцямi ды магчымасьцямi.

Сэмiнары простага дзеяньня кшталту таго, што адбыўся перад падзеямi ў Сiэтле, ёсьць вельмi карыснымi ў каардынацыi акцыяў i падтрымцы iхнага руху ў час прэсiнгу й зьбянтэжанасьцi. Асобы й групы, што йдуць на правакацыю (тэрмiновую цi сыстэматычную) толькi залiшнi раз пацьвярджаюць, што iснуе рэальная пагроза правакацыi. Як пiсала на Першатравеньскую e-mail-лістоўніцу Ана Кенэдзi, “палiцэйскае хулiганцтва, што прымушае людзей адказваць гэтаксама, ня ёсьць вiною гараджанаў… зразумела, на акцыi было колькi нецьвярозых, але абвiнавацiць iх адных у перадузятасьцi й адкрытай хлусьнi прэсы проста немагчыма”. Гэтая хлусьня можа стацца сур’ёзнай падставаю да хваляваньня: напрыклад, напярэдаднi Першатраўня (30 красавiка) BBC паведамiла, што атрымала колькi скаргаў на “выпадкi” заплянаванага гвалту. Аналягiчна, пасьля Першатраўня, паводле вынiкаў тэлефоннага апытаньня, цi варта забаранiць дэманстрацыi, 80 адсоткаў апытаных адказалi станоўча i толькi 10 — адмоўна (выснова камэнтатараў — патрэбная рэзалюцыя ў пытаньні тэрарызму).

Галоўная пагрозу ўяўляюць сабою нават ня прэса цi кiраўнiцтва, а самая культура, што падрывае нашае жыцьцё.

Асобная акцыя ды ейныя вынiкi ня мусяць разглядацца як нешта канчатковае, як гэткая лiтаральная пэрсанiфiкацыя пасткi, што не дае зьдзейсьнiцца сур’ёзным і тэрмiновым пагрозам надзённым патрэбам навакольля, культуры, рэсурсаў, зямлi ды доўгатэрмiновага мiру, што зараз выпушчаныя неабмежаванай уладаю капiталiзма.

Аўтарства невядомае.

Пераклад Ліяны Бурцавай
паводле
Greenpepper, spring 00
і малюнкі з туль жа